Logo Polskiego Radia
Print

HRW: Сытуацыя з правамі чалавека ў Беларусі не палепшылася

PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna 13.01.2017 10:59
Праваабаронцы адзначаюць, што ўсё гэта адбываецца нягледзячы на станоўчую рыторыку ўладаў.
Здымак мае ілюстрацыйны характар.Здымак мае ілюстрацыйны характар.Photo: pixabay.com/CC0 Public Domain

Станоўчая рыторыка ўладаў Беларусі ў пытаньнях выкананьня правоў чалавека ў 2016 годзе не падмацоўвалася рэальным паляпшэньнем сытуацыі. Такая выснова ўтрымліваецца ў штогадовым дакладзе аб сытуацыі з правамі чалавека ў сьвеце, які апублікаваны на сайце праваабарончай арганізацыі Human Rights Watch.

Праваабаронцы адзначаюць, што ў краіне працягвае ўжывацца сьмяротнае пакараньне, актывісты й крытычна настроеныя журналісты па-ранейшаму зазнаюць судовыя перасьледы.

Падкрэсьліваецца, што міжнародныя назіральнікі адзначылі некаторы прагрэс на верасьнёўскіх парлямэнцкіх выбарах 2016 году, заклікаўшы пры гэтым улады да далейшых рэформаў. Эўразьвяз, спаслаўшыся на вызваленьне палітвязьняў і прагрэс на выбарах, адмяніў свае санкцыі, Эўрапейскі банк рэканструкцыі й разьвіцьця зьняў абмежаваньні на крэдытаваньне дзяржаўных арганізацый. Пры гэтым улады Беларусі па-ранейшаму адмаўляліся супрацоўнічаць са спэцдакладчыкам ААН па Беларусі, адзначаецца ў дакумэнце.

У тэксьце пералічваюцца новыя выпадкі вынясеньня й прывядзеньня ў выкананьне ў Беларусі сьмяротных прысудаў, згадваюцца выпадкі перасьледу фігурантаў „справы графіцістаў”, затрыманьня ўдзельнікаў велапрабегу „Крытычная маса”, накіраваньня на прымусовае лячэньне 80-гадовага Аляксандра Лапіцкага за яго лісты з выказваньнямі ў адрас улады й іншыя факты перасьледу па палітычных матывах.

Праваабаронцы зьвяртаюць увагу, што беларуская міліцыя не разганяла несанкцыянаваныя сходы й не затрымлівала іх удзельнікаў, аднак па-ранейшаму прыцягвала іх да адміністрацыйнай адказнасьці з буйнымі штрафамі.

У пачатку году, адзначана ў дакладзе, аднавіўся перасьлед пазаштатных карэспандэнтаў, якія не акрэдытаваныя як журналісты замежных СМІ.

Адзначаецца таксама, што беларускія ўлады працягвалі ўжываць артыкул 193-1 КК, які прадугледжвае адказнасьць за ўдзел у незарэгістраванай арганізацыі, у той жа самы час адвольна адмаўляючы ў рэгістрацыі няўрадавым групам і палітычным партыям.

Праваабаронцы падкрэсьліваюць, што з 2000 году ў Беларусі не была зарэгістраваная ні адна новая палітычная партыя.

belapan.com/аз

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт