Logo Polskiego Radia
Print

Варшаўская паліцыя змагаецца за чыстае паветра

PR dla Zagranicy
Valery Sauko 08.01.2017 07:11
За спальваньне плястыкавых бутэлек можна атрымаць штраф у памеры ад 115 да 1115 эўра.
Ганаровая варта варшаўскай муніцыпальнай паліцыіГанаровая варта варшаўскай муніцыпальнай паліцыіwww.strazmiejska.waw.pl

Gazeta Wyborcza паведамляе, што варшаўская муніцыпальная паліцыя атрымала ад улад сталіцы пяць аўтамабіляў, абсталяваных сучаснай тэхнікай. Задача аўто, якія зьяўляюцца свайго роду лябараторыямі на колах, – выкрываць забруджаньне паветра ў Варшаве.

Справа ў тым, што ў прыватным сэктары сталіцы (і ня толькі сталіцы, у іншых польскіх гарадах і вёсках таксама) многія жыхары ў халодны пэрыяд спальваюць ня толькі цьвёрдае паліва тыпу вугаль альбо паліўныя гранулы, але й іншыя рэчы ды рэчывы, у многіх выпадках шкодныя, напрыклад, плястыкавыя бутэлькі. З-за гэтага ў пэўных месцах дапушчальныя дозы ўтрыманьня шкодных рэчываў у паветры перавышаюць нормы ў дзясяткі ды нават сотні разоў.

І вось цяпер той, хто займаецца такім незаконным дзеяньнем, павінен баяцца паліцэйскіх з рэфэрата экалягічнага нагляду. Ім хопіць пад’ехаць пад дом, з коміна якога валіць дым, замераць узровень утрыманьня шкодных рэчываў у паветры, і ў выпадку перавышэньня нормаў можна выпісваць штраф. А штрафы немалыя: ад 500 злотых да 5 тыс. – гэта ад 115 да 1115 эўра. Пры гэтым варшаўская муніцыпальная паліцыя заклікае жыхароў сталіцы паведамляць пра свае падазрэньні наконт атручваньня паветра: хопіць заўважыць, што з коміна нейкага дому альбо вілы валіць чорны дым. Дарэчы, муніцыпальныя паліцэйскія маюць права ўвайсьці на тэрыторыю прыватнага дома й праверыць, што яго ўладальнік паліць у катле. Адзіны мінус такі, што гэта дазволена ад 6.00 да 22.00.

Паліцэйскія з экалягічнага рэфэрату зазначаюць, што калі варшавяне даведаліся пра новы набытак сталічнай паліцыі, то пачалі званіць з паведамленьнямі пра тое, што сусед атручвае паветра. Тэлефанаваньні адбываюцца перш за ўсё зь мікрараёнаў, дзе шмат прыватных дамоў, паведамляе Gazeta Wyborcza.

вс

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт