Logo Polskiego Radia
Print

2016: Год асьцярожных пераменаў у правільным кірунку

PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko 28.12.2016 19:46
  • 2016 Год асьцярожных пераменаў у правільным кірунку.mp3
Вынікі году ў зьнешняй і ўнутранай палітыцы, эканоміцы і грамадзкім жыцьці падводзяць нашыя палітычныя аглядальнікі.
pixabay.com

Якімі зьменамі ў беларускай палітыцы ды эканоміцы запомніўся 2016 год? Ці краіна стала мацнейшай эканамічна, больш прыязнай і свабоднай для грамадзянаў, ці яе кіраўніцтва пасьпяхова спраўлялася з выклікамі зьнешняга сьвету? У сёньняшнім «Палітычным люстэрку» вынікі 2016 году для Беларусі падводзяць Аляксандар Папко і палітоляг Максім Руст.

У зьнешняй палітыцы – год «вымушанай дывэрсыфікацыі»

Несумненным прарывам беларускага ўраду ў 2016 годзе стала паляпшэньне адносінаў з Захадам. 15 лютага Эўразьвяз зьняў зь беларускага кіраўніцтва візавыя санкцыі. Менск наведалі прэм’ер Славакіі, віцэ-прэм’ер і міністар замежных справаў Польшчы. Улады пачалі заяўляць пра жаданьне падпісаць з ЭЗ дамову аб супрацоўніцтве. У стасунках з Расеяй пры гэтым расла напружанасьць. Нават цэнтральныя расейскіх СМІ пачалі казаць пра рост «русафобіі» ў Беларусі і «няўдзячнасьць» Менска.

Ад траўня паміж дзьвюмя краінамі цягнецца спрэчка наконт аплаты паставак газу. Беларускае кіраўніцтва прыклала велізарныя высілкі, каб разьвіць адносіны з іншымі краінамі: Кітаем, Турцыяй, Азэрбайджанам, дзяржавамі Блізкага Ўсходу. Ці можна сказаць, што Беларусь у зьнешняй палітыцы «адвязваецца» ад Расеі? Ці дапаможа разьвіцьцё стасункаў з Захадам, Кітаем, Блізкім Усходам кампэнсаваць страты на расейскім накірунку?

Максім Руст: Менск больш чым на 100% выкарыстаў тыя магчымасьці, якія склаліся ў цяперашняй геапалітычнай сытуацыі. Але казаць пра тое, што Беларусь «адвязваецца» ад Расеі – на маю думку, заўчасна і неабгрунтавана. Менск хоча зрабіцца крыху больш незалежным ад Расеі, але абсалютна самастойна фармаваць сваю зьнешнюю палітыку ён ня можа. Галоўны трэнд у беларускай зьнешняй палітыкі я акрэсьліў бы выразам «вымушаная дывэрсыфікацыя». Але нават калі дывэрсыфікацыя вымушаая, у бліжэйшай пэрспэктыве яна пойдзе на плюс Беларусі.

Ва ўнутранай палітыцы – год кантраляванага «адкручваньня гаек»

Напэўна, галоўнай унутрыпалітычнай падзеяй адыходзячага году былі выбары ў Палату прадстаўнікоў, якія прайшлі 11 верасьня. Падлік галасоў ня стаў больш празрыстым, а фальсыфікацыяў, у параўнаньні з папярэднімі выбарамі, ня стала менш – канстатавалі назіральнікі АБСЭ. Аднак улады ўпершыню за 12 гадоў дапусьцілі ў парлямэнт двух прадстаўнікоў апазыцыі. Таксама варта зазначыць, што з-за кратаў былі выпушчаныя трое палітвязьняў. Улады не арыштоўвалі палітычных праціўнікаў, а абкладалі іх штрафамі. Ды й саміх пратэстных настрояў у грамадзтве не назіралася. Ці стала Беларусь у 2016 годзе хоць крыху больш свабоднай краінай?

Максім Руст: У галіне выражэньня палітычных поглядаў, магчыма, прасторы сапраўды стала больш. Аднак гэта не былі зьмены на сыстэмным узроўні. Таму я не магу сказаць, што Беларусь стала больш свабоднай краінай. У 2016 годзе было менш сацыяльнай і палітычнай напружанасьці, людзі мелі шырэйшыя магчымасьці для выказваньня сваіх палітычных перакананьняў, але выказваньне гэтых перакананьняў магло ажыцьцяўляцца толькі ў межах, якія стварыла дзяржава.

У эканоміцы – год балючага працьверазеньня?

Самай заўважальнай эканамічнай пераменай 2016 году стала дэнамінацыя. Беларускія рублі страцілі чатыры нулі і сталі падобнымі да эўра. Курс рубля ўвесь год заставаўся стабільным, пры гэтым рэальныя заробкі беларусаў упалі больш, чым на 7%. Улады актыўна вялі перамовы па прыцягненьні замежных інвэстыцыяў, пры гэтым сваю пасаду ў чэрвені пакінуў дарадца Аляксандра Лукашэнкі Кірыл Руды, які меў рэпутацыю прыхільніка рынкавых рэформаў. Замест рэформаў улады праводзілі «закручваньне гаек»: за краты патрапілі кіраўнікі буйных дзяржаўных і прыватных прадпрыемстваў, уключна з «алігархам» Юрыем Чыжом. Ці вынікі году ўсяляюць надзею, што эканамічная сыстэма захавае стабільнасьць, а ў Беларусі пачнецца эканамічны рост?

Максім Руст: Падаецца, усе ўжо пачынаюць разумець, што рэформы ў Беларусі патрэбныя, і яны непазьбежныя. Аднак сыстэма працягвае дзейнічаць старымі мэтадамі каманднай эканомікі. Ці можам мы прагназаваць эканамічны рост? Не, ня можам. Галоўным вынікам адыходзячага году зьяўляецца тое, што ўдалося захаваць стабільнасьць макраэканамічных паказчыкаў. Падаецца, гэтую стабільнасьць можна будзе ўтрымаць і ў наступным годзе. Аднак, каб забясьпечыць стабільнасьць у даўжэйшай пэрспэктыве, ня кажучы ўжо пра рост эканомікі, трэба праводзіць рэформы. Мне падаецца, у гэтым годзе Менск зразумеў, што яны неабходныя і непазьбежныя.

У грамадзкай сфэры – год самаарганізацыі й росту нацыянальнай сьвядомасьці

Нягледзячы на падзеньне ўзроўню жыцьця, жывыя эмоцыі грамадзтва выклікалі не эканамічныя, а культурна-палітычныя праблемы. Грамадзянская супольнасьць выступіла ў абарону арыштаванага за антыкрамлёўскія выказваньні блёгера Эдуарда Пальчыса і цешылася яго вызваленьню. Пашыралася мода на беларускую культуру. Напрыканцы году ўлады выкрасьлілі з «чорных сьпісаў» забароненых музыкантаў Лявона Вольскага й Сяргея Міхалка. Менск упершыню пачаў караць актывістаў з расейскімі нацыяналістычнымі поглядамі, арыштаваўшы ў сьнежні траіх аўтараў інфармагенцтва Regnum. Ці можна сказаць, што ў беларускім грамадзтве значна вырасла нацыянальная самасьвядомасьць? Наколькі цьвёрда беларускія ўлады вырашылі гэтую сьвядомасьць узмацняць?

Максім Руст: Мне падаецца, што разьвіцьцё грамадзянскай супольнасьці – гэта самы пазытыўны з усіх трэндаў 2016 году. Грамадзтва пачало па-іншаму арганізавацца і працаваць. Я маю на ўвазе краўдфандынг, стварэньне ініцыятываў, якія не зьвязаныя з палітыкай. Грамадзтва становіцца ўсё больш сьвядомым, прычым ня толькі ў нацыянальным пляне. У гэтым годзе ўлады пачалі падкрэсьліваць незалежнасьць Беларусі. Гэта не былі шчырыя дзеяньні. Іх мэта заключалася ў тым, каб хоць крыху зьменшыць інфармацыйны ўплыў Расейскай Фэдэрацыі. Але нават калі ўлады вырашаць скончыць гуляць у нацыянальную самасьвядомасьць і незалежнасьць, то спыніць рост самасьвядомасьці ім будзе цяжка. Грамадзяне ўбачылі, што вельмі файна быць беларусам, мець сваю мову, уласную культуру. Тут ужо дзяржава нічога ня зможа зрабіць. Таму гэты трэнд – самы пазытыўны ў гэтым годзе.

Размаўляў Аляксандар Папко

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт