20 гадоў таму ў Беларусі ўсталяваўся аўтарытарны рэжым
Czwórka
Alaksandar Papko
24.11.2016 02:40
Рэфэрэндум, праведзены ў 1996 годзе, фактычна ліквідаваў падзел уладаў і даў неабмежаваныя паўнамоцтвы Аляксандру Лукашэнку.
Фота: 90s.by90s.by
20 гадоў таму, 24 лістапада 1996 году, у Беларусі прайшоў рэфэрэндум, які фактычна ліквідаваў падзел уладаў і ўсталяваў аўтарытарны рэжым Аляксандра Лукашэнкі. На галасаваньне было вынесена сем пытаньняў, асноўныя зь якіх датычыліся зьменаў Канстытуцыі. Парлямэнт, які тады называўся Вярхоўным Саветам, прапаноўваў ліквідаваць пасаду прэзыдэнта, а прэзыдэнт Аляксандар Лукашэнка, наадварот, хацеў істотна пашырыць свае паўнамоцтвы.
У прыватнасьці, ён хацеў атрымаць права аб’яўляць рэфэрэндумы й прызначаць чыноўнікаў вышэйшага рангу – у тым ліку судзьдзяў Канстытуцыйнага суду й сябраў Цэнтральнай выбарчай камісіі. Акрамя таго, Аляксандар Лукашэнка хацеў атрымаць права распускаць парлямэнт і выдаваць дэкрэты і ўказы, якія маюць найвышэйшую юрыдычную сілу.
Паводле афіцыйных дадзеных, амаль 84% беларусаў на рэфэрэндуме прагаласавалі за перадачу Аляксандру Лукашэнку неабмежаванай улады. У выніку рэфэрэндуму Вярхоўны савет быў распушчаны і прызначаная ляяльная да кіраўніка дзяржавы Палата прадстаўнікоў. Вынікі рэфэрэндуму не прызналі шэраг краінаў і міжнародных структураў, у тым ліку Рада Эўропы, АБСЭ і Эўрапейскі зьвяз. Беларусь патрапіла ў міжнародную ізаляцыю.
naviny.by/ап