Знойдзеныя сэнсацыйныя дакумэнты часоў ПНР
PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna
02.11.2016 15:27
Вядомыя 74 імені людзей, на якіх даносіў былы кіраўнік польскага МУС генэрал Чэслаў Кішчак.
Photo: PAP/Marcin Obara
„У ваенных архівах былі знойдзеныя да гэтай пары невядомыя гісторыкам дасье Чэслава Кішчака (Czesław Kiszczak) з канца 1940-х гадоў, калі ён быў афіцэрам сталінскай Вайсковай контрвыведкі і ў Лёндане пранік у шэрагі жаўнераў Польскіх узброеных сілаў на Захадзе”, - паведаміў дырэктар Вайсковага гістарычнага бюро Славамір Цэнцкевіч (Sławomir Cenckiewicz).
У 1946-1947 гадах Кішчак быў накіраваны камуністычнай ваеннай службай бясьпекі, то бок Галоўным упраўленьнем вайсковай контрвыведкі Польскай народнай арміі, у рэзыдэнтуру ў Лёндане.
Яго праца заключалася ў распрацоўцы асяродзьдзя жаўнераў генэрала Андэрса. Знойдзеныя дакумэнты ня значыліся ў архіўных каталёгах і таму на іх гісторыкі трапілі толькі цяпер. Сярод адкрытых дакумэнтаў - 74 дасье афіцэраў і жаўнераў польскай арміі, якіх распрацоўваў Кішчак.
Падчас прэс-канфэрэнцыі ў Міністэрстве абароны Славамір Цэнцкевіч сказаў, што гэтыя дасье ў лютым 1990 году былі перададзеныя зь Міністэрства ўнутраных спраў у Цэнтральны вайсковы архіў, але не былі ўнесеныя ў ніякі сьпіс.
Паводле гісторыка, 16 гадоў таму пасьля стварэньня Інстытуту нацыянальнай памяці яны павінны былі туды трапіць, але гэтак не адбылося. Цэнцкевіч дадаў, што гэтую справу ён намерваецца падаць у пракуратуру.
Памерлы ў лістападзе 2015 году Чэслаў Кішчак працяглы час быў афіцэрам Вайсковай контрвыведкі. У 70-я гады быў начальнікам Вайсковай выведкі й контрвыведкі. У 1981 годзе стаў кіраўніком МУС і блізкім супрацоўнікам генэрала Войцеха Ярузэльскага.
„Я не хачу цяпер адназначна казаць, што ўсе асобы, на якіх даносіў Кішчак, трапілі пад рэпрэсіі: гэта задача для гісторыкаў, якія будуць аналізаваць гэтыя матэрыялы”, - сказаў Цэнцкевіч.
tvp.info/аз