На 91-м годзе жыцьця памёр Анджэй Вайда (Andrzej Wajda) - вядомы польскі кінатворца, сустваральнік польскай кінашколы, ляўрэат узнагароды “Оскар” за ўклад у сусьветнае кінамастацтва. Вайда зьяўляецца аўтарам амаль 40 фільмаў.
Анджэй Вайда быў ня толькі рэжысэрам, але таксама сцэнарыстам і сцэнографам. Ён – адзін з выдатнейшых творцаў у гісторыі ня толькі польскага, але й сусьветнага кіно.
Анджэй Вайда 24 верасьня 2016 года, PAP/Adam Warżawa
Анджэй Вайды зьяўляецца аўтарам такіх славутых фільмаў, як “Чалавек з жалеза”, “Зямля абетаваная”, “Попел і дыямэнт”, “Пан Тадэвуш” паводле вядомага твору Адама Міцкевіча й “Катынь” пра расстрэл НКУС польскіх афіцэраў. Дарэчы, фільм “Катынь” для рэжысэра быў вельмі важным, таму што ў Катыні быў расстраляны бацька Вайды Якуб – афіцэр запасу Войска Польскага.
PAP/Tadeusz Kubiak, рэжысэр у 1958 годзе
У 2000 годзе рэжысэр стаў ляўрэатам “Оскара” да дасягненьні і ўклад у сусьветны кінэматограф.
Вайда адкрыў многіх польскіх актораў, для прыкладу, Даніэля Альбрыхскага й Крыстыну Янду.
Вайда ў 2011 годзе пасьля ўзнагароджаньня прэзыдэнтам Браніславам Камароўскім Ордэнам Белага Арла - найвыйшэйшай польскай узнагародай, PAP/Jacek Turczyk
У 2011 годзе славуты рэжысэр даў інтэрвію Беларускай службе Польскага радыё. Гэта мела месца падчас Эўрапейскага кангрэсу культуры ва Ўроцлаве. Тады славуты паляк сказаў, што культура, творцы павінны ўплываць на палітычныя й грамадзкія зьмены. Можа таму аўтарытарныя й дыктатарскія рэжымы гэтак баяцца свабоды ў галіне культуры.
А. Вайда: Культура ўплывае... Калі я зьняў фільм “Чалавек з жалеза”, то я ведаў, што за мной стаіць прафсаюз “Салідарнасьць”. Памятаю, як тагачасны кіраўнік камітэту кінэматаграфіі сказаў мне, што стужка не паедзе ані на які фэстываль. І тады рабочыя зь верфі й варшаўскай гуты, шэрагу іншых буйных прадпрыемстваў напісалі яму лісты. Іх падпісвала па 5-10 тысяч чалавек. Рабочыя патрабавалі, каб фільм паехаў на Канскі кінафэстываль. Я тады ўпершыню адчуў, што за мной стаяць мае гледачы. Так што тады мастацтва адыгрывала важную грамадзкую ролю. Цяпер жа месца мастацтва заняла поп-культура. Людзі амаль ня ведаюць гісторыі. Калі раней мне было дастаткова замест выразанага цэнзурай эпізоду даць нейкі намёк, то глядач усё цудоўна разумеў. Бо слова можна было выразаць, а вобраз – не.
Рэжысэр дае інтэрвію Беларускай службе Польскага радыё, фота: radyjo.net
Сюжэты фільмаў Вайды былі зразумелыя для кожнага чалавека, напрыклад, у іх паказана сутнасьць таталітарнай сыстэмы й бунт чалавека супраць яе. А вось сучасная альтэрнатыўная культура й мастацтва могуць быць незразумелымі для шырэйшага кола. Але й такое мастацтва таксама ўплывае на грамадзкую думку, сказаў нам тады рэжысэр.
А. Вайда: Так, хоць у альтэрнатыўнай культуры іншыя мэты. Сёньня дзяржава больш не пагражае грамадзяніну. Сучаснае мастацтва канцэнтруе ўвагу на лёсе канкрэтнага чалавека. Мы выхоўваліся ў іншай рэчаіснасьці, тагачасныя праблемы адыйшлі ў нябыт. Сёньняшнія творцы за пасярэдніцтвам свайго мастацтва імкнуцца апісаць сьвет такім, якім яны яго бачаць: тое, што ім падабаецца, што іх турбуе, паказаць жыцьцё індывідыўма. Ведаеце, мы думалі, што падзеньне камунізму вырашыць усе нашы праблемы. Аказалася, што мы памыляліся, таму сёньняшнія творцы хочуць адлюстраваць новую рэчаіснасьць. Мы ў сваіх фільмах таксама паказваем і плюсы пераменаў, і праблемы, якія зь іх вынікаюць. На працягу 20 гадоў мы моцна зьмянілі Польшчу.
Найноўшы фільм легенды польскага кіно Анджэя Вайды „Пасьлясьвячэньне” зьяўляецца кандыдатам на “Оскара” ад Польшчы.
У пракат у Польшчы кінакарціна „Пасьлясьвячэньне” выйдзе ў сакавіку 2017 года.
2013 год, PAP/Jacek Bednarczyk
Працяглы час Анджэй Вайда меў праблемы зь перасоўваньнем і хадзіў з палачкай. Памятаю гісторыю, якую мне распавёў адзін з тэлежурналістаў: ён некалькі гадоў таму дамовіўся на інтэрвію зь вялікім рэжысэрам. Апэратар здымаў момант, калі Вайда выходзіць з двара свайго дома, каб здымкі выкарыстаць у матэрыяле. Рэжысэр паціху, абапіраючыся на палачку, падышоў да журналіста. “Калі ласка, не выкарыстоўвайце гэтыя кадры ў сюжэце. Бо ні адзін прадзюсэр ня дасьць грошай на фільм старому дзеду, які перасоўваецца з палкай”, сказаў Вайда і ўсьміхнуўся. Яму тады было каля 90 гадоў, але нават у такім сур’ёзным узросьце ён ня думаў ісьці на творчую пэнсію, а думаў пра тое, як знайсьці фінансаваньне й зьняць чарговы фільм.
Валеры Саўко/дг