Logo Polskiego Radia
Print

«Трэба вывезьці дзяцей з-пад абстрэлаў»

PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko 06.10.2016 12:40
  • Трэба вывезьці дзяцей з-пад абстрэлаў.mp3
На самай лініі фронту ў Данбасе засталіся жыць тысячы сем’яў зь дзецьмі.
Дзяўчынка з Луганскай вобласьці з маці. Кадр з прэзэнтацыі Антыдыскрымінацыйнага цэнтру "Мэмарыял". Дзяўчынка з Луганскай вобласьці з маці. Кадр з прэзэнтацыі Антыдыскрымінацыйнага цэнтру "Мэмарыял".

Тэма данбаскай вайны ўжо сышла з першых палосаў эўрапейскіх газэтаў. Аднак вайна ва Ўкраіне працягваецца. Нават праз два з паловай гады ад пачатку канфлікту на лініі фронту застаюцца дзесяткі тысячаў мірных жыхароў. Як жыць у дамах, дзе ўжо два гады няма вокнаў, а дах і сьцены штотыдзень прабіваюць асколкі? Чаму пад абстрэламі жывуць сем’і з малымі дзецьмі? Як ім можна дапамагчы? Пра гэта мы размаўляем з праваабаронцамі, якія нядаўна вярнуліся з пасёлкаў, якія падзяліла лінія фронту.

Напрыканцы жніўня група праваабаронцаў з Украіны, Польшчы, Нямеччыны, Расеі й Беларусі наведала дзевяць украінскіх паселішчаў, якія ляжаць непасрэдна на лініі фронту (Аўдзееўку, Станіцу Луганскую, Шчасьце, Залатое і інш.). У некаторых паселішчах лінія супрацьстаяньня праходзіць проста па адной з вуліц.

Тысячы людзей ужо гадамі жывуць у напаўразбураных дамах і пазбаўленыя самых неабходных рэчаў – канстатуюць праваабаронцы. У многія паселішчы ня ходзіць транспарт, нават выезд за прадуктамі на рынак ператвараецца ў сапраўдную праблему. Жыхары часткі франтавых сёлаў ня маюць доступу да шпіталяў і школаў – кажа Вольга Саламатава з польскага Хэльсінскага фонду правоў чалавека.

Вольга
Вольга Саламатава

В. Саламатава: Туды цяжка даехаць. Там не хапае мэдыцынскага абслугоўваньня. У некаторых раёнах яго проста няма. На некалькі пасёлкаў, паміж якімі 10-15 кілямэтраў, ёсьць адзін фэльчар. І езьдзіць ён павінен па тэрыторыі, якая абстрэльваецца. Вельмі лёгка злавіць шалёную кулю. На некалькі паселішчаў там усяго адна машына «хуткай дапамогі», якая не прыяжджае тады, калі ідуць абстрэлы. У пасёлку Залатое-4, калі мы там начавалі, падчас абстрэлу загінула жанчына. Хуткая дапамога да яе не паехала. Шпіталь вырашыў не рызыкаваць жыцьцём лекараў і машынай.

У параўнаньні з 2014 годам, мірным жыхарам жывецца крышку лепш – кажа Вольга Саламатава. Мясцовыя ўлады спрабуюць наладзіць жыцьцё, але зрабіць гэта пад рэгулярнымі абстрэламі немагчыма. Як рамантаваць дарогі і ўстаўляць вокны, калі праз тыдзень-два іх усё роўна разаб’е чарговы мінамётны абстрэл?

В. Саламатава: Ёсьць паселішчы, дзе мясцовыя ўлады пастаянна стараюцца прыводзіць усё ў парадак: зацягваюць вокны плёнкай, спрабуюь устаўляць шкло. Затым новы абстрэл – і трэба ўсё рамантаваць зноў, зноў трэба шукаць дапамогу. У некаторых месцах абстрэлы здараюцца настолькі часта, што ўлады нават не намагаюцца рамантаваць. Напрыклад, у Станіцы Луганскай амаль усе вокны ў будынку раённай адміністрацыі прабітыя кулямі. Рамантаваць іх няма сэнсу – бо райадміністрацыя знаходзіцца ў зоне абстрэлу.

Цяпер людзі рыхтуюцца да зімы. У мінулым годзе было горш. Цяпер сытуацыя выглядае нашмат лепш: шмат дзе будынкі былі адрамантаваныя. Аднак як толькі пройдзе абстрэл – усё трэба пачынаць занава. Некаторыя людзі лічаць за лепшае пакуль не рамантаваць сваіх дамоў. Яны проста закладваюць вокны цэглай, пакідаючы зьверху невялікую шчыліну, празь якое ў дом трапляе сьвятло.

Дом
Дом на лініі супрацьстаяньня. Кадр з прэзэнтацыі грамадзянскай ініцыятывы "Восток-SOS".


Афіцыйна ва Ўкраіне налічваецца 1 мільён 800 тысячаў вымушаных перасяленцаў. Аднак шмат людзей вяртаюцца ў свае разбураныя дамы. У адным паселішчы Залатое-4, падзеленым фронтам папалам, у школу ходзіць каля 70 дзяцей. У двары кожнага дому вырытыя ямы, дзе дзеці хаваюцца падчас абстрэлаў. У франтавой зоне застаюцца й тыя, хто мае ў сям’і ляжачых хворых ці старых людзей. Чаму гэтыя людзі ня могуць выехаць альбо вяртаюцца ў паселішчы, дзе не сьціхае страляніна? Таму, што знайсьці працу ў іншым горадзе цяжка, а на аплату кватэры сыходзіць больш, чым бежанцы зарабляюць.

В. Саламатава: Людзям няма куды ехаць, а тыя хто зьяжджаюць, зьяжджаюць у нікуды. Зачапіцца на новым месцы могуць толькі тыя, хто мае родных у іншых рэгіёнах Украіны, якія могуць даць ім хаця б палову пакою. Зьяжджаюць тыя, хто мае хоць невялікі шанец атрымліваць сацыяльныя выплаты. Калі ж гэтых шанцаў няма, людзі вяртаюцца. Таму, што ў іх ёсьць хоць нейкі дах над галавой, у іх ёсьць суседзі, якім яны давяраюць і разам зь якімі могуць вырашаць праблемы. У іх ёсьць свой агарод. І няхай па гэтым гародзе па начах лятаюць кулі, але там можна нешта вырасьціць, там можна гадаваць пчол і зьбіраць мёд. Калі мы зьяжджалі адтуль, мы куплялі мёд, бо гэта адзіны заробак, які людзі могуць атрымаць.

Чаму праваабаронцы езьдзяць у прыфрантавую зону? Трэба, каб сьвет ведаў пра праблемы мірных жыхароў людзей й прымушаў украінскі ўрад іх вырашаць. Дзяцей трэба вывезьці з-пад абстрэлаў – падкрэсьлівае супрацоўнік Украінскай хэльсінскай асацыяцыі правоў чалавека Аляксей Біда.

Андрэй
Аляксей Біда

А. Біда: Гэтых людзей трэба вывезьці адтуль. Трэба даць ім нармальнае часовае жытло: пасяліць іх у нейкіх санаторыях, прафілякторыях, інтэрнатах, пакуль канфлікт не пяройдзе ў мірную фазу, альбо пакуль гэтыя людзі не пачнуць самастойна зарабляць сабе на жыцьцё. Другая задача, якую тэрмінова неабходна вырашыць – гэта наладзіць жыцьцезабесьпячэньня людзей, якія засталіся на гэтых тэрыторыях. Трэба даць ім доступ да мэдыцыны, адукацыі, іншых сацыяльных паслугаў. Калі прыяжджаеш у Станіцу Луганскую й бачыш чаргу ў паўтара кілямэтры да адзінага ў горадзе банкамату – то разумееш, што там трэба паставіць хаця б другі банкамат. Трэба зрабіць простыя, элемэнтарныя рэчы.

Жыцьцё мірных жыхароў па іншым баку фронту, на тэрыторыях, якія кантралююць прарасейскія сілы, выглядае яшчэ горш – кажуць праваабаронцы. Людзі змагаюцца з тымі ж самымі праблемамі: разьбітымі дамамі й дарогамі, адсутнасьцю працы й мэдыцынскага абслугоўваньня - але грошай і правоў у іх яшчэ менш. У хуткае заканчэньне вайны праваабаронцы ня вераць.

«Удзельнікам гэтага канфлікту зьяўляецца Расея. Гледзячы на іншыя канфлікты, у якіх яна ўдзельнічала – напрыклад, на Паўночную Асэтыю ці Абхазію, я разумею, што кіраўніцтва Расеі зацікаўлена ў тым, каб захаваць «гарачую кропку» на тэрыторыі Ўкраіны й ціснуць на гэты балючы мазоль пры першай неабходнасьці. Калі гэты канфлікт будзе вырашаны – гэта будзе ўнікальны выпадак», – з сумам канстатуе Аляксей Біда.

Аляксандар Папко

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт