Банк разьвіцьця выдзяляе дадатковыя сродкі на будаўніцтва МКАД-2
PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna
29.08.2016 07:45
Другі этап МКАД-2, працягласьцю 41,4 км, заплянаваны да ўводу да 1 студзеня 2017 году.
fot. Kolanin/Wikimedia Commons
Банк разьвіцьця распачаў выдзяленьне Міністэрству транспарту й камунікацый дадатковага аб'ёму фінансаваньня для будаўніцтва другога этапу другой кальцавой аўтамабільнай дарогі вакол Менска. Выдзяленьне крэдыту ажыцьцяўляецца за кошт сродкаў сямейнага капіталу, удакладняе прэс-служба Банка разьвіцьця.
Будаўніцтва аўтамабільнай дарогі вызначана ўказам Аляксандра Лукашэнкі ад 13 кастрычніка 2010 году № 532 і вядзецца ў два этапы. Першы этап працягласьцю 46,4 км уведзены ў эксплёатацыю ў сьнежні 2015 году. Другі этап працягласьцю 41,4 км заплянаваны да ўводу да 1 студзеня 2017 году.
З удзелам Банка разьвіцьця ажыцьцяўлялася будаўніцтва першага этапу другой МКАД, а са сьнежня 2015 году банк распачаў фінансаваньне будаўніцтва другога этапу. Агульная сума крэдытнай падтрымкі склала 272,5 млн беларускіх рублёў у эквіваленце.
Патрэба ў 2016 годзе ў крыніцах фінансаваньня для своечасовага завяршэньня работ па будаўніцтве другога этапу склала 213,9 млн рублёў.
Як тлумачаць у банку, для забесьпячэньня бесперабойнага фінансаваньня затрат па праекце прынята распараджэньне прэзыдэнта, якое прадугледжвае выдзяленьне Банкам разьвіцьця крэдыту ў замежнай валюце ў суме, якая не перавышае 125 млн рублёў у эквіваленце.
Пры гэтым банк супакойвае, што фінансаваньне ўсіх астатніх інвэстыцыяў будзе забясьпечана ў поўным аб'ёме.
belapan.com/аз