У часы фінансавага крызысу пошук танных варыянтаў вандраваньня зьяўляецца злабадзённым пытаньнем. Візавыя абмежаваньні, няведаньне замежных моваў, грашовыя пытаньні й недахоп часу могуць ператварыць канікулы, пра якія вы даўно марылі, у сапраўдны кашмар. Аб тым, як танна зьезьдзіць за мяжу й пры гэтым не расчаравацца, распавядае Марк Дубінін.
Марк, наколькі я ведаю, за сваё жыцьцё ты пасьпеў завітаць у амаль што 15 краінаў. Адкуль бярэцца такі запал і, галоўнае, такія магчымасьці падарожнічаць?
Я думаю, што перш за ўсё гэта паходзіць ад майго імя. Мяне назвалі ў гонар Марка Пола, які шмат падарожнічаў. Таму і ў мяне ёсьць такое жаданьне вандраваць, адкрываць новыя культуры й краіны. На дадзены момант я быў толькі ў Эўропе, але ж хачу наведаць іншыя кантынэнты, а менавіта Азію й Паўднёвую Амэрыку.
Падарожжы могуць быць танныя. Існуюць розныя спосабы як танна дабрацца з аднаго пункта ў другі й як там жыць. Галоўная рэч – гэта жаданьне наведаць новыя краіны.
А ты неяк загадзя плянуеш свае паездкі ці наадварот – любіш імправізаваць? Напрыклад, у мяне ёсьць сябры, якія папросту набываюць квіткі на першы танны рэйс, а там ужо – куды вецер падзьме.
Я думаю, што гэта ўсё залежыць ад чалавека. Я не заўсёды набываю квіткі загадзя, але ж абавязкова пляную свой маршрут: дзе й як дабрацца, а таксама што паглядзець.
Скажы, а што наконт фінансавых абмежаваньняў? Бо вядома, што сапраўднаму студэнту такія вандроўкі за мяжу не па кішэні.
Мне як студэнту гэта вядома. Але ж не абавязкова мець вялікія грошы на падарожжы. Існуюць розныя магчымасьці: напрыклад, Блаблакар (Blablacar.com ), аўтаспын, танныя білеты на розных скідках й акцыях (skyscanner.com).
На чым увогуле можна зэканоміць у такіх лаўкоставых падарожжах?
На маю думку, лепш за ўсё можна зэканоміць на білетах і пражываньні. Напрыклад, можна скарыстацца з парталу Каучсёрфінг (couchsurfing.com), альбо танных хостелах (booking.com).
А што ў справе харчаваньня падчас такіх танных вандровак?
Паколькі я цяпер жыву ў Польшчы, то стараюся ўзяць што-небудзь з сабой. Бяру пад увагу тое, што тут усё ж такі не такія высокія цэны ў параўнаньні з Заходняй Эўропай.
А калі, напрыклад, ты едзеш на цэлы тыдзень альбо на два тыдні, то як ты там выжываеш?
У такім выпадку, бясспрэчна, ратуе McDonald’s і мясцовыя сталовыя, пра якія можна ўжо даведацца ад жыхароў горада. Каб зэканоміць на харчаваньні, стараюся гатаваць у хостэлах. Таму заўсёды выбіраю хостэлы, дзе ёсьць кухня. Гэта вельмі значна зьніжае выдаткі, таму што можна закупіцца таннымі прадуктамі й прыгатаваць што-небудзь ужо на месцы.
А табе не падаецца, што пэўныя фінансавыя абмежаваньні не дазваляюць цалкам азнаёміцца зь нейкімі цікавымі месцамі? Вядома, што ў Луўр бясплатна ня трапіш.
Я эканомлю не на ўсім і заўсёды стараюся аддаваць прыярытэт квіткам у музэі альбо мясцовым мерапрыемствам. Таму, калі я еду ў нейкі горад, то вядома, што наведваю выдатныя мясьціны. Заўсёды наведваю музэі. Тут можа спатрэбіцца студэнцкая картка, таму што ў Эўропе вельмі шмат зьніжак для студэнтаў. Калі пляную свае паездкі, то заўсёды правяраю наяўнасьць ільгот альбо акцыяў. Напрыклад, мне вельмі пашанцавала ў Вене, дзе я набыў Вена-карт (Vienna Card). Дзякуючы гэтай картцы можна наведаць некалькі музэяў са зьніжкай. Дарэчы, у Бэльгіі таксама можна набыць падобную музэйную картку.
Аўтарка й герой рэпартажа/fotо: Polskie Radio/MS
Вось ты нагадаў аўтаспын. Ці з табою калі-небудзь здараліся нейкія непрыемныя альбо небясьпечныя сытуацыі?
На самой справе мне толькі адзін раз давялося ехаць аўтаспынам. Нас было чацьвёра й з-за гэтага было вельмі цяжка злавіць машыну. Таму мы вырашылі разьдзяліцца на групы: два на два. Нашым калегам, якія першыя спынілі папутку, адразу пашанцавала. Яны дабраліся да пункта прызначэньня весела й хутка. А вось мы з напарнікам трапілі на фуру. Гэта заняло ў нас шмат часу, але ж вадзіцель увесь час распавядаў нам цікавыя гісторыі.
На тваю думку, як лепш за ўсё знаёміцца зь мясцовай культурай?
Лепш за ўсё зь мясцовай культурай можна пазнаёміцца праз мясцовае насельніцтва. За мяжой людзі раскажуць і пакажуць свае мясьціны іншаземцам зь вялікай ахвотай. Зь імі можна пазнаёміцца як на вуліцы, так і на каўчсёрфінгу (Couchsurfing). Існуе таксама спэцыяльны партал Toursbylocals, на якім можна набыць экскурсію зь мясцовым жыхаром, які больш падрабязна распавядзе вам гісторыю горада.
Колькі будзе каштаваць такая экскурсія зь мясцовымі жыхарамі?
Цэны на гэтым партале пачынаюцца ад 30 даляраў ЗША. У шмат якіх гарадах таксама праводзяцца «FREE walking tours», якія даюць магчымасьць далучыцца да масавых экскурсіяў па горадзе. Доўжыцца такая экскурсія гадзіну-паўтары, на працягу якой уся група наведвае мясцовыя славутасьці. У асноўным такія вандроўкі праводзяцца на ангельскай мове, але ж у вялікіх гарадах яны могуць праводзіцца на гішпанскай альбо нямецкай мовах. Я лічу, што падарожжы, якія не былі набытыя праз турагенцтвы, зьяўляюцца больш цікавымі.
Такія падарожжы навучылі мяне плянаваць усё загадзя, але ж пры гэтым браць пад увагу тое, што ўсё можа раптоўна памяняцца. Не абавязкова ўсё тое, што вы заплянавалі, будзе рэалізавана.
Як звычайнаму беларусу, які ня мае польскую візу, накіравацца ў таннае падарожжа па Эўропе?
Цяпер зьявілася вельмі добрая магчымасьць паехаць на канцэрты за мяжу й пры гэтым атрымаць бясплатную візу. А калі вы вырашылі зрабіць шэнгенскую візу, то лепш за ўсё наведаць адразу некалькі краінаў.
Ну й на разьвітаньне 5 парадаў для тых, хто хоча ўбачыць сьвет без дапамогі дарагіх турфірмаў і вялікіх фінансавых магчымасьцяў.
Перш за ўсё, памятайце, што гэта выдатная магчымасьць убачыць сьвет і пашырыць свой сьветапогляд. Па-другое, загадзя заплянуйце маршрут, каб застацца задаволеным з таго, што вы ўсё ўбачылі. Па-трэцяе, знайдзіце танны хостэл, каўчсёрфінг альбо гатэль, каб ня блукаць па незнаёмым горадзе ўначы. Па-чацьвёртае, самастойныя вандроўкі дазваляюць пазнаёміцца зь мясцовымі жыхарамі, людзьмі й культурай. І напрыканцы: візавыя абмежаваньні й грашовыя пытаньні – гэта абсалютна не перашкоды. Дзейнічайце!
размаўляла Кацярына Дрожжа
размова ў гукавым файле