Польскі Касьцёл створыць гуманітарныя калідоры для бежанцаў
PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna
10.06.2016 09:51
Будуць арганізаваныя авіярэйсы, каб бежанцы не перапраўляліся праз мора з пагрозай для жыцьця.
Photo: PAP/Marcin Obara
Каталіцкі касьцёл у Польшчы плянуе стварыць гуманітарныя калідоры для бежанцаў з краінаў Блізкага Ўсходу. Ажыцьцяўленьнем праекту зоймецца дабрачынная арганізацыя „Caritas Polska”.
Арганізацыя будзе дапамагаць невялікім групам бежанцаў у лягерах, а таксама арганізоўваць авіярэйсы, каб яны не перапраўляліся праз мора з пагрозай для жыцьця.
„Мы спадзяемся, што адпаведныя службы правераць гэтых людзей з пункту гледжаньня бясьпекі, бо мы ня можам адварочвацца сьпінай да пакутаў бязьвінных людзей”, - сказаў біскуп Кшыштаф Задарка (Krzysztof Zadarko), які ў Эпіскапаце Польшчы адказвае за праблемы бежанцаў.
Касьцёл гатовы стварыць гуманітарныя калідоры для тых уцекачоў, якія хочуць пасяліцца ў Польшчы. „Пры гэтым мы ведаем, што ўцекачы аддаюць перавагу краінам Заходняй Эўропы”, - сказаў біскуп.
Эпіскапат Польшчы таксама падтрымлівае ідэю, каб сем'і, якія гэтага жадаюць, ахапілі дапамогай уцекачоў з Блізкага Ўсходу. Гэты праект пакуль распрацоўваецца.
Каталіцкі касьцёл у Польшчы таксама будзе працягваць падтрымку жыхаром Блізкага Усходу на месцы. Гаворка ідзе, напрыклад, пра фінансаваньне кошту арэнды кватэраў.
аз