Мэдсёстры буйнейшага дзіцячага шпіталя ў Польшчы спынілі пратэст (ФОТА)
PR dla Zagranicy
Valery Sauko
09.06.2016 10:50
Мэдсёстры варшаўскага інстытуту «Цэнтар здароўя дзіцяці» спынілі забастоўку й вярнуліся да працы.
Мэдсёстры інстытуту «Цэнтар здароўя дзіцяці» спынілі забастоўку й вярнуліся да працыPAP/Jakub Kamiński
Мэдсёстры варшаўскага мэдыцынскага інстытуту «Цэнтар здароўя дзіцяці» (ЦЗД) спынілі забастоўку й вярнуліся да працы. Страйк працягваўся 16 дзён. Мэдсёстры патрабавалі павышэньня зарплатаў і паляпшэньня ўмоваў працаўладкаваньня, у тым ліку павелічэньня штатаў для малодшага мэдыцынскага пэрсаналу. Дырэкцыя шпіталя прапанавала павышэньне зарплатаў, але яго памер не задавальняў пратэстуючых. У перамовы быў заангажаваны міністар аховы здароўя Польшчы Канстанты Радзівіл.
Падрабязнасьці пагадненьня, якое ўдалося дасягнуць паміж мэдсёстрамі й дырэкцыяй ЦЗД, не паведамляюцца. Неафіцыйна гаворыцца, што малодшаму мэдыцынскаму пэрсаналу будуць павышаныя штомесячныя зарплаты на 300 злотых (каля 70 эўра) бяз выліку падатку й сацыяльных узносаў, хоць першапачаткова мэдсёстры патрабавалі павышэньня ў памеры 500 злотых (115 эўра).
Варшаўскі мэдыцынскі інстытут «Цэнтар здароўя дзіцяці» – гэта найбольш сучасны й найбольшы пэдыятрычны шпіталь у Польшчы, які адначасова зьяўляецца навукова-дасьледчым цэнтрам. У ім працуюць 17 клінік, больш за 30 кансультацый ды 26 аддзяленьняў. На працягу года ЦЗД шпіталізуе каля 35 тыс. малых пацыентаў і кансультуе каля 170 тыс. дзяцей. Тут таксама працуюць некалькі школ і дзіцячых садкоў.
Інстытут «Цэнтар здароўя дзіцяці» быў адкрыты ў 1977 годзе. ЦЗД зьяўляецца адначасова матэрыяльным помнікам у памяць дзяцей-ахвяр Другой сусьветнай вайны.
вс
commons.wikimedia.org/Cezary p/CC BY-SA 3.0