Дачка генэрала Андэрса наведае Менск
PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna
08.04.2016 10:23
Мэта яе візыту – актывізацыя польска-беларускага гістарычнага дыялёгу.
Анна Марыя Андэрс - упаўнаважаная па пытаньнях міжнароднага дыялёгу Канцылярыі прэм’ера Польшча.Photo: polskieradio.pl
9 красавіка Менск наведае Анна Марыя Андэрс, упаўнаважаная па пытаньнях міжнароднага дыялёгу канцылярыі старшыні Рады Міністраў Рэспублікі Польшча.
Мэта яе візыту - абмеркаваць з прадстаўнікамі беларускіх устаноў, якія займаюцца пытаньнямі гісторыі, актывізацыю польска-беларускага гістарычнага дыялёгу. Візыт стане працягам перамоваў па гэтым пытаньні, пачатых у сакавіку ў Менску кіраўніком польскага зьнешнепалітычнага ведамства Вітальдам Вашчыкоўскім.
Анна Марыя Андэрс — дачка генэрала Польскай Арміі Ўладзіслава Андэрса, які ўдзельнічаў у верасьнёвай кампаніі 1939 году, а раней камандаваў Наваградзкай кавалерыйскай брыгадай і гарнізонам у Баранавічах. Пасьля ўводу савецкіх войскаў на тэрыторыю Польшчы 17 верасьня 1939 году генэрал Андэрс быў арыштаваны, 22 месяцы прабыў у турмах НКВД у Львове й Маскве.
Анна Марыя Андэрс ускладзе кветкі да магіл ахвяраў сталінскіх рэпрэсій у Курапатах.
10 красавіка яна накіруецца зь Менску ў Катынь і Смаленск, дзе адбудзецца ўшанаваньне памяці ахвяр катынскага злачынства й 6-ю гадавіну авіяцыйнай катастрофы ў Смаленску, у якой загінулі прэзыдэнт Польшчы Лех Качыньскі ды каля сотні іншых вышэйшых урадоўцаў Польшчы.
svaboda.org/аз