Logo Polskiego Radia
Print

Расея пачала пастаўку С-300 у Іран

PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna 30.12.2015 15:47
С-300 раней у Расеі закуплялі таксама Кітай, Алжыр і Азэрбайджан.
wikipedia.com/Vitaly V. Kuzmin

Расея пачала пастаўкі зэнітна-ракетных сыстэм С-300 у Іран. Пра гэта, паводле „РИА Новости”, паведаміў намесьнік старшыні ўрада Дзьмітрый Рагозін.

Ён адзначыў, што кантракт на пастаўку сродкаў СПА адкрывае магчымасьці для далейшага супрацоўніцтва Масквы й Тэгерана, у тым ліку і ў неваеннай сфэры.

„Гэты кантракт выконваецца й аплачваецца. Пастаўка ажыцьцяўляецца, і за гэтым кантрактам пойдуць іншыя”, - сказаў Рагозін, не ўдакладняючы дэталяў пэрспэктыўных пагадненьняў.

У красавіку 2015 прэзыдэнт Уладзімір Пуцін зняў эмбарга на пастаўку ў Іран С-300. Сваё рашэньне кіраўнік дзяржавы абгрунтаваў істотным прагрэсам у перамовах па іранскай ядзернай праблеме.

Эмбарга было накладзена ў верасьні 2010 году Дзьмітрыем Мядзведзевым, які займаў тады пасаду прэзыдэнта Расеі, у рамках указа аб выкананьні рэзалюцыі Рады бясьпекі ААН аб абмежаваньні паставак Ірану наступальных узбраеньняў.

Санкцыі Арганізацыі Аб'яднаных Нацый самі па сабе не распаўсюджваліся на зэнітныя сыстэмы (яны лічацца абарончымі), але Крэмль прыняў рашэньне ў кантэксьце палітыкі перазагрузкі адносінаў з ЗША.

Гэта прывяло да таго, што гатовы кантракт на пастаўку Ірану сыстэм С-300 ПМУ-1, заключаны ў 2007 годзе на суму каля 800 мільёнаў даляраў, быў спынены на этапе адгрузкі гатовай прадукцыі.

Зэнітныя ракетныя сыстэмы С-300 раней у Расеі закуплялі таксама Кітай, Алжыр і Азэрбайджан.

РИА Новости/lenta.ru/аз

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт