Украіна патрабуе ў Польшчы выдачы супрацоўнікаў „Бэркута”
PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna
19.11.2015 16:13
Інтэрпол адмаўляецца дапамагчы ўкраінскаму боку ў гэтым пытаньні.
Фота:Ivan Bandura/flickr.com
Два ўкраінскія міліцыянты са спэцпадразьдзяленьня „Бэркут”, якія падазраюцца ў зьдзяйсьненьні злачынстваў на Майдане, хаваюцца ў Польшчы. Пра гэта паведамілі Генпракуратура Ўкраіны й СБУ.
Служба бясьпекі Ўкраіны мае дадзеныя па 17 міліцыянтах, якія хаваюцца ад правасудзьдзя за межамі краіны.
„Два зь іх у цяперашні час знаходзяцца ў Польшчы”, - сказаў Анатоль Дублік са Службы бясьпекі Ўкраіны.
Ён дадаў, што экстрадыцыя міліцыянтаў ва Ўкраіну складаная, таму што Інтэрпол адмаўляецца ініцыяваць працэдуры вышуку, паясьняючы, што гэта дыскрымінацыя па палітычных прычынах.
Аднак Украіна зьвярнулася ў Польшчу з просьбай выдаць сваіх грамадзянаў у адпаведнасьці з двухбаковымі пагадненьнямі.
Паводле СБУ, апрача Польшчы былыя міліцыянты зьбеглі таксама ў Беларусь і ў Крым. Аднак большасьць зь іх хаваецца ў Расеі й на тэрыторыях, якія кантралююцца прарасейскімі сэпаратыстамі.
аз