Чырвоны Крыж падлічыў загінуўшых у стыхійных бедзтвах у 2014 годзе
PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska
24.09.2015 10:06
Катастрофы закранулі амаль 107 млн чалавек і гэтая лічба большая, чым годам раней.
www.flickr.com
Чырвоны Крыж падлічыў загінуўшых у стыхійных бедзтвах і тэхнагенных катастрофах у 2014 годзе. Ахвярамі сталі 8 тысяч 186 чалавек. Пра гэта паведамляецца ў дакладзе Міжнароднай фэдэрацыі Чырвонага крыжа і Чырвонага паўмесяца.
«У 2014 годзе катастрофы закранулі амаль 107 млн чалавек, і гэтая лічба большая, чым годам раней», – тлумачыцца ў дасьледаваньні.
Чырвоны Крыж зьвязвае павелічэньне колькасьці здарэньняў са зьменамі клімату. Па гэтай прычыне адбылося 87 адсоткаў стыхійных няшчасьцяў мінулага года. Палова зь іх гэта паводкі і апоўзьні.
Вялікія паводкі зафіксаваныя ў Індыі, Пакістане і на Балканах. З краін, закранутых стыхійнымі бедзтвамі, больш за ўсё пацярпеў Кітай. Засуха, буры й паводкі нанесьлі шкоды 58 мільёнам жыхароў краіны.
Амаль палова катастроф адбылася ў Азіі. Яны прынесьлі 63% ахвяр.
За мінулы год стыхіі нанесьлі страты ў 99 мільярда даляраў. Гэтыя шкоды істотна ніжэй, чым у сярэднім за апошнія 10 гадоў – 147 мільярдаў даляраў у год.
Мінулы год стаў найменш цяжкім па колькасьці ахвяр за апошнія 30 гадоў. Сьмяротнасьць ад катастроф у 2014 годзе была амаль на 90 працэнтаў ніжэй, чым у сярэднім за апошняе дзесяцігодзьдзе.
яс