Logo Polskiego Radia
Print

Беларусы правераць ваенны патэнцыял Польшчы

PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna 16.09.2015 15:05
Расейскія й беларускія ваенныя інспэктары адбудуць другі палёт над тэрыторыяй Польшчы.
flickr.com

Як паведаміў партал polska-zbrojna.pl, на гэтым тыдні ў польскай паветранай прасторы пройдзе назіральны палёт расейскага-беларускай каманды інспэктараў. Палёт адбудзецца ў рамках міжнароднага Дагавора аб адкрытым небе (Treaty on Open Skies).

У склад расейска-беларускай назіральнай місіі ўваходзяць 16 інспэктараў, якіх будуць суправаджаць польскія й амэрыканскія калегі. Назіральны палёт будзе зьдзейсьняцца на самалёце Ан-30Б.

Расейцы й беларусы прыбылі ў Польшчу ў апошні панядзелак і чакаюць дазволу польскіх уладаў.

Як заўжды ў гэтай сытуацыі перад выкананьнем палёту расейскі самалёт і яго абсталяваньне будуць падрабязна правераныя. Яны павінны адпавядаць міжнародным патрабаваньням.

Падчас палёту польскія штурманы будуць сачыць за загадзя вызначаным курсам, вышынёй палёту й маршрутам, які ня можа перавысіць 1400 км.

Назіральныя палёты праводзяцца ў мэтах праверкі патэнцыялу ўзброеных сіл суседзяў. Яны дазваляюць таксама кантраляваць выкананьне Дамовы аб звычайных узброеных сілах у Эўропе. Кожная краіна можа ажыцьцявіць два такія палёты ў год над тэрыторыяй свайго суседа.

Сёлета палякі ўжо адбылі два назіральныя палёты над Расеяй і Беларусьсю ў траўні й ліпені, а таксама ў чэрвені (супольна са славакамі) над тэрыторыі Ўкраіны.

Расейска-беларуская каманда свой першы палёт зьдзейсьніла на пачатку бягучага году. Другі, хутчэй за ўсё, адбудзецца ў сераду, альбо чацьвер.

аз

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт