Logo Polskiego Radia
Print

Экс-міністар рэанімаваў пасажыра на борце самалёта

PR dla Zagranicy
Valery Sauko 12.07.2015 12:33
Дэпутат Сэйма й былы міністар аховы здароўя Барташ Арлуковіч рэанімаваў пасажыра на борце самалёта.
Bartosz Arłukowicz, foto: PAP/Radek Pietruszka Bartosz Arłukowicz, foto: PAP/Radek Pietruszka

Дэпутат Сэйма й былы міністар аховы здароўя Польшчы Барташ Арлуковіч рэанімаваў пасажыра на борце самалёта.
Самалёт польскай авіякампаніі LOT сьледаваў рэйсам Варшава-Шчэцін. Неўзабаве пасьля ўзьлёту адзін з пасажыраў страціў прытомнасьць. Да рэанімацыйнай акцыі прыступілі трое пасажыраў, якія аказаліся дэпутатамі Сэйма Польшчы й адначасова лекарамі. Аднак найбольш актыўным быў менавіта Арлуковіч, паколькі ў мінулым працаваў рэаніматолягам. Нягледзячы на тое, што пасажыр прыйшоў у сябе, капітан самалёта прыняў рашэньне зьдзейсьніць аварыйную пасадку ў горадзе Познань. З аэрапорта пацыент трапіў у шпіталь, а самалёт працягнуў палёт у Шчэцін.

Барташ Арлуковіч пасьля прызямленьня сказаў журналістам, што месца рэанімацыі было нетыповым. "З другога боку, працуючы на хуткай дапамозе прыходзілася рэанімаваць пацыентаў у розных сытуацыях і месцах", - падкрэсьліў экс-міністар.

Пасьля рэанімацыйнай акцыі пасажыры самалёта ўзнагародзілі лекараў-дэпутатаў плясканьнем у далоні.

Барташ Арлуковіч, якому 44 гады, зьяўляецца дэпатутам Сэйма Польшчы, па спэцыяльнасьці лекар-пэдыятр, працаваў рэаніматолягам і дзіцячым анколягам. Зь лістапада 2011 года да чэрвеня бягучага года займаў пасаду міністра аховы здароўя Польшчы.

вс

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт