Былы кіраўнік МУС прысуджаны да 2 гадоў умоўна
PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna
16.06.2015 11:33
Ён быў пакараны за падрыхтоўку ўвядзеньня ваеннага становішча ў ПНР.
PAP/Tomasz Gzell. General Czeslaw Kiszczak
Чэслаў Кішчак прысуджаны да двух гадоў пазбаўленьня волі ўмоўна. Прысуд мае законную сілу. Апэляцыйны суд у Варшаве пакараў яго за ўдзел у „злачыннай групе ўзброенага характару”, якая падрыхтавала ўвядзеньне ў краіне ваеннага становішча.
У 2012 годзе былы кіраўнік Міністэрства ўнутраных спраў ПНР быў прыгавораны да двух гадоў пазбаўленьня волі. У 2013 годзе з-за стану здароўя абвінавачанага, суд прыпыніў разгляд апэляцыі. Працэс па апэляцыі быў узноўлены Апэляцыйным судом у красавіку бягучага году, пасьля ранейшага лекарскага агляду абвінавачанага.
Суд пастанавіў, што здароўе 89-гадовага генэрала дазваляе яму ўдзельнічаць у працэсе.
Нагадаем, у 2007 годзе сьледчы аддзел Інстытуту нацыянальнай памяці (IPN) абвінаваціў дзевяць членаў камуністычных уладаў, у падрыхтоўцы ўвядзеньня ваеннага становішча ў ПНР у ноч з 12 на 13 сьнежня 1981 году.
Падчас працяглага працэсу, некаторыя з абвінавачаных памерлі. У 2011 годзе з-за дрэннага стану здароўя суд прыпыніў справу супраць генэрала Войцэха Ярузэльскага, які памёр ў 2014 годзе. Канчаткова з усіх у 2012 годзе быў асуджаны толькі Чэслаў Кішчак.
Суд пастанавіў, што ваеннае становішча было ўведзена „сакрэтнай злачыннай групай узброенага характару” пад кіраўніцтвам генэрала Войцэха Ярузэльскага.
аз