Logo Polskiego Radia
Print

Прэзыдэнт ФІФА падаў у адстаўку

PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna 03.06.2015 11:11
У пятніцу Зэп Блатэр быў пераабраны на пасаду прэзыдэнта Міжнароднай фэдэрацыі футбола.
www.football.by

Прэзыдэнт Міжнароднай фэдэрацыі футбола (ФІФА) Ёзэф „Зэп" Блатэр падаў у адстаўку са сваёй пасады. Пра гэта ён паведаміў падчас прэс-канфэрэнцыі ў Цюрыху - праз тыдзень пасьля пачатку карупцыйнага скандалу ў ФІФА.

Блатэр быў пераабраны на пасаду прэзыдэнта ФІФА чатыры дні таму, неўзабаве пасьля арышту групы актывістаў ФІФА, якія абвінавачваюцца ў карупцыі. Ужо тады частка футбольных дзеячаў заклікала яго сысьці ў адстаўку, аднак ён гэтага не зрабіў.

Сваё цяперашняе рашэньне Блатэр тлумачыць тым, што „мандат, які атрымаў, ня мае падтрымкі ўсяго футбольнага асяродзьдзя, актывістаў, гульцоў і клюбаў”. Ён дадаў, што новы кіраўнік ФІФА будзе абраны на пазачарговым зьезьдзе ў зімовы пэрыяд.

Ёзэф „Зэп" Блатэр дзейнічаў у фэдэрацыі сарак гадоў. 17 апошніх гадоў ён узначальваў ФІФА.

Нагадаем, у апошнюю сераду больш за дзесяць актывістаў фэдэрацыі былі абвінавачаныя ў карупцыі й махлярстве. Паводле амэрыканскіх сьледчых, сума хабару дасягнула 150 млн даляраў.

Сьледчыя лічаць, што злачынствы трывалі ў фэдэрацыі амаль чвэрць стагодзьдзя.

аз

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт