Кнігарня "Логвінаў" сабрала ўсе грошы на штраф
PR dla Zagranicy
Valery Sauko
23.03.2015 17:30
Да 16 красавіка кнігарня павінна выплаціць першую частку штрафа, да 16 траўня — разьлічыцца канчаткова.
Кнігарня “Логвінаў” гатовая ў тэрмін выплаціць ўсю неабходную суму штрафу. На сайце кампаніі ў падтрымку выдавецтва пазначана, што сабрана амаль 66 тысяч даляраў (каля 976 мільёнаў рублёў). Пры гэтым штраф, які 9 студзеня прызначыў эканамічны суд Менска, складае 967 мільёнаў беларускіх рублёў.
Грошы, якія застануцца пасьля выплат штрафу, Ігар Логвінаў плянуе выдаткаваць на “абнаўленьне кніжных паліц”, набыцьцё касавага апарату ды вырашэньне іншых праблем кнігарні. Паводле Логвінава, да 16 красавіка кнігарня павінна выплаціць першую частку штрафа, да 16 траўня — разьлічыцца канчаткова.
Нагадаем, у кастрычніку 2013 года выдавецтву “Логвінаў” была скасаваная ліцэнзія за выданьне альбома “Прэс-фота Беларусі-2011”, які прызналі экстрэмісцкім за публікацыю фотаздымкаў. Са студзеня 2014 года ў Беларусі ўсіх кнігараспаўсюднікаў абавязваюць праходзіць працэдуру дзяржаўнай рэгістрацыі. Чыноўніцкія перашкоды дэ-факта выконваюць функцыю цэнзуры. Кнігарня “Логвінаў” спрабавала зарэгістравацца шэсьць разоў на працягу года, але пастаянна атрымлівала адмовы. Цяпер выдавецтва працягвае працаваць. Грошы, якія зьбіралі “ўсім сьветам”, фактычна пойдуць на ўратаваньне прадпрыемства ды яго маёмасьці.
паводле эўрарадыё/вс