Logo Polskiego Radia
Print

У Польшчы праходзіць буйнейшая дабрачынная акцыя

PR dla Zagranicy
Valery Sauko 11.01.2015 12:22
За 23 гады існаваньня акцыі куплена каля 30 тыс. адзінак мэдыцынскай тэхнікі на суму прыкладна ў 150 млн. эўра.
wosp.org.pl

У Польшчы праходзіць буйнейшая дабрачынная акцыя "Вялікі аркестр сьвяточнай дапамогі". Мерапрыемства традыцыйна адбываецца пасьля зімовых сьвятаў з 1993 года.
120 тыс. валанцёраў на вуліцах гарадоў і вёсак, у гандлёвых цэнтрах, на транспарце, вакзалах і ў іншых грамадзкіх месцах зьбіраюць грошы, якія будуць выкарыстаныя ў дабрачынных мэтах. Кожны жадаючы можа кінуць у скарбонку любую суму, нават самую дробную, а ўзамен атрымае налепку-сэрца, якую можна наклеіць, напрыклад, на вопратку.

Сёлета сабраныя сродкі будуць выдаткаваныя на куплю мэдыцынскага абсталяваньня для пэдыятрычных і дзіцячых анкалягічных аддзяленьняў бальніц, а таксама на тэхніку й абсталяваньне герыятрычных аддзяленьняў. Падтрымаць акцыю можна таксама, высылаючы платнае СМС-паведамленьне.

У рамках дабрачыннай акцыі ў розных месцах Польшчы пройдзе каля 120 мерапрыемстваў. Гэта канцэрты, марафоны ды аўкцыёны, на якіх таксама будзе праходзіць збор сродкаў. Падобныя мерапрыемствы й збор грошай адбудуцца таксама ў замежных гарадах, дзе кампактна пражываюць палякі.

За 23 гады існаваньня акцыі «Вялікі аркестр сьвяточнай дапамогі» было куплена каля 30 тыс. адзінак мэдыцынскай тэхнікі на суму прыкладна ў 150 млн. эўра. Гэтая апаратура працуе ў 600 бальніцах і клініках Польшчы.

вс

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт