Суд апраўдаў Хосьні Мубарака
PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna
29.11.2014 15:18
Былы дыктатар ня будзе адказваць за масавыя забойствы пратэстоўцаў у 2011 годзе.
Суд у Каіры зьняў з Хосьні Мубарака абвінавачваньні ў саўдзеле ў масавых забойствах. Былы дыктатар Эгіпта паўстаў перад судом па справе гібелі сотняў дэманстрантаў падчас рэвалюцыі ў Эгіпце ў 2011 годзе.
Пракуроры стараліся таксама даказаць віну былога прэзыдэнта ў карупцыі ў сувязі з заключаным зь Ізраілем газавым кантрактам. Аднак і ў гэтым выпадку, суд прыйшоў да высновы, што Мубарак невінаваты.
Першапачаткова прысуд плянавалі абвясьціць 27 верасьня, але ў сувязі з тым, што судзьдзі не пасьпелі напісаць абгрунтаваньня, абвяшчэньне выраку было адтэрмінаванае.
86-гадовы Хосьні Мубарак ды сямёра чальцоў ягонай улады абвінавачваліся ў саўдзеле ў забойстве сотняў пратэстоўцаў падчас эгіпецкай рэвалюцыі ў 2011 годзе, якая прывяла да адстаўкі Мубарака пасьля 30 гадоў кіраваньня краінай.
аз