Logo Polskiego Radia
Print

У аршанскіх аўтобусах можна паслухаць вершы Ўладзімера Караткевіча

PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna 25.11.2014 11:23
Гарадзкі аўтапарк спрыяе ўшанаваньню памяці пісьменьніка-земляка бясплатна.

/

У Воршы - на малой радзіме Ўладзімера Караткевіча з 24 па 30 лістапада праходзіць традыцыйны Тыдзень памяці пісьменьніка, прысьвечаны ягоным 84-м угодкам.

Цягам тыдня, на які прыпадае дзень народзінаў пісьменьніка-земляка (26 лістапада), у горадзе ладзяцца розныя імпрэзы, прысьвечаныя гэтай падзеі. Значная іх частка падрыхтаваная музэем Уладзімера Караткевіча. І ідэя трансьляваць вершы знакамітага аршанца для пасажыраў грамадзкага транспарту таксама належыць музэйным супрацоўнікам.

„Калі Тыдзень памяці Ўладзімера Караткевіча праводзіўся летась, мы перадавалі ў гарадзкі аўтапарк раздрукаваныя вершы, каб іх разьмясьцілі ў салёнах аўтобусаў - на месцах, прызначаных для рэклямы й аб’яваў. Сёлета мы зрабілі й гэта таксама, і пайшлі далей: перадалі ў аўтапарк аўдыёзапісы з аўдыёкнігі „Быў. Ёсьць. Буду“, выдадзенай колькі год таму выдавецтвам „Мастацкая літаратура“. Апрача гэтага, у аўтобусах можна паслухаць і песьні на вершы Ўладзімера Караткевіча ў выкананьні беларускіх бардаў, напрыклад, Алеся Камоцкага“, - апавяла Вольга Пашковіч, супрацоўніца музэю Ўладзімера Караткевіча.

Яна падкрэсьліла, што гарадзкі аўтапарк спрыяе ўшанаваньню памяці пісьменьніка-земляка абсалютна бясплатна: ня просіць грошай за гукавую трансьляцыю й за разьмяшчэньне друкаваных матэрыялаў як за рэкляму.

26 лістапада, у дзень народзінаў Уладзімера Караткевіча, у Воршы пройдзе традыцыйнае ўскладаньне кветак да помніка пісьменьніку, усталяванага ў парку на ўзьбярэжжы Дняпра, тут пройдуць і традыцыйныя літаратурныя чытаньні з удзелам літаратараў, бібліятэчных і музэйных работнікаў, творчай інтэлігенцыі й школьнікаў.

Да канца гэтага тыдня будуць арганізаваныя й іншыя імпрэзы. На працягу ўсяго тыдня для школьнікаў арганізаваныя экскурсіі па мясьцінах, зьвязаных зь біяграфіяй Караткевіча, а ў эфіры аршанскага радыё гучаць адмысловыя літаратурныя перадачы, прысьвечаныя знакамітаму пісьменьніку-аршанцу.

svaboda.org/аз

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт