Пры разгоне Эўрамайдану пацярпелі больш за 30 чалавек
PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna
30.11.2013 10:19
Міліцыя: майдан разагналі, бо дэманстранты заміналі падрыхтоўцы да сьвятаў.
news.liga.net
Сілавы разгон дэманстрантаў з Майдану Незалежнасьці у ноч на 30 лістапада быў праведзены для таго, каб забясьпечыць бесьперашкодны праезд тэхнікі для далейшых працаў па падрыхтоўцы да навагодніх сьвятаў. Пра гэта паведаміла начальніца прэс-службы ўпраўленьня МУС у Кіеве Вольга Білык.
Паводле словаў Білык, дэманстранты, нягледзячы на неаднаразовыя папярэджаньні аб тым, што нядопуск тэхнікі зьяўляецца парушэньнем, „пачалі кідаць у прадстаўнікоў міліцыі сьмецьце й нейкія падпаленыя прадметы”.
„Было прынята рашэньне выціснуць мітынгоўцаў з Майдану Незалежнасьці”, - дадала яна.
Паводле прэс-сакратара МУС у Кіеве, у дачыненні да тых людзей, якія паведамілі пра тое, што атрымалі ад супрацоўнікаў міліцыі цялесныя пашкоджаньні - па гэтых фактах будзе праводзіцца службовая праверка й будуць прынятыя адпаведныя рашэньні.
Паводле сьведкаў, маладых людзей, у тым ліку жанчын, якія засталіся на ноч на плошчы, білі дубінкамі, цягнулі па зямлі, білі нагамі. Як мінімум 30 пацярпелых дастаўленыя ў шпіталі.
„Майдан па-зьверску зачысьцілі. Дзясяткі параненых. Дзясяткі затрыманых. Такога Ўкраіна яшчэ ня бачыла”, - напісаў сьведка падзеяў, апазыцыйны дэпутат Вярхоўнай рады Андрэй Шаўчэнка ў сваім Твітэры.
Паводле яго словаў, штурм пачаўся каля чатырох гадзінаў раніцы.
svaboda.org/аз