Logo Polskiego Radia
Print

Жыўко Будзімір стане перад судом

PR dla Zagranicy
Elvira Sienkiewicz 30.10.2013 17:05
Пракуратура прад'явіць абвінавачваньне кіраўніку Фэдэрацыі Босьніі і Герцагавіны.

/

Пракуратура прад'явіць бліжэйшым часам афіцыйнае абвінавачваньне прэзыдэнту Фэдэрацыі Босьніі і Герцагавіны Жыўко Будзіміру, якога падазраюць у прыняцьці незаконных рашэньняў аб памілаваньні асуджаных ды ў хабарніцтве.

Будзімір быў затрыманы ў ходзе маштабнай спэцапэрацыі 26 красавіка ў Сараева і выпушчаны 24 траўня на волю пасьля таго, як Канстытуцыйны суд пастанавіў перагледзець рашэньне аб яго ўтрыманьні пад вартай. Тады ж паліцыя затрымала яшчэ чатырох чалавек з атачэньня Будзіміра.

Паводле дадзеных сьледства, якія прыводзяць мясцовыя СМІ, Будзімір падпісаў цэлы шэраг распараджэньняў аб памілаваньні асоб, асуджаных за цяжкія злачынствы. Сьцьвярджаецца, што за вызваленьне асуджанага за забойства Мэрсэда Хаджыча яму заплацілі 40 тысяч эўра.

Сам Будзімір, які цягам двух гадоў памілаваў блізу 200 чалавек, адмаўляе, што браў хабар. Апроч таго, Будзімір абвінавачваецца ў незаконным захоўваньні зброі, канфіскаванай у яго ў красавіку падчас ператрусу.

Прэзыдэнт не зьявіўся сёньня на чарговае пасяджэньне суду па гэтай справе. Наступныя слуханьні ў судзе прызначаныя на 26 лістапада і 12 сьнежня.

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт