Лукашэнка можа прызнаць незалежнасьць Паўднёвай Асэтыі
PR dla Zagranicy
Elvira Sienkiewicz
24.08.2013 15:47
Прэзыдэнт Паўднёвай Асэтыі заявіў, што Беларусь у хуткім часе можа прызнаць незалежнасьць самаабвешчанай дзяржавы.
źr. Wikipedia/CC
Пра гэта кіраўнік рэспублікі Леанід Цібілаў заявіў учора на прэс-канфэрэнцыі ў Маскве, піша агенцтва Regnum.
Ён нагадаў, што незалежнасьць Паўднёвай Асэтыі прызнаная Расеяй, Вэнэсуэлай, Нікарагуа, Вануату, Наўуру і Тувалу. «Міністэрства замежных спраў супольна з дыпляматычнымі прадстаўніцтвамі працягне такую працу, у хуткім часе вы пачуеце і пра іншыя прызнаньні», -- заявіў Леанід Цібілаў. Сярод краін, якія прызнаюць незалежнасьць Паўднёвай Асэтыі будзе «магчыма, і Беларусь», адзначыў кіраўнік рэспублікі.
Паўднёвая Асэтыя заявіла аб сваім аддзяленьні ад Грузіі ў пачатку 90-ых гадоў мінулага стагодзьдзя. Узброены канфлікт з Тбілісі працягваўся некалькі гадоў. За пэрыяд з 1989 года напружанасьць у рэгіёне, дзе грузіны складалі каля траціны насельніцтва, тройчы перарастала ў маштабныя кровапралітныя сутыкненьні, якія суправаджаліся шматлікімі ахвярамі і разбурэньнямі. Апошняе зь іх скончылąся уварваньнем расейскай арміі на тэрыторыю Грузіі і прызнаньнем Масквой незалежнасьці Паўднёвай Асэтыі і Абхазіі. Беларускія ўлады неаднаразова заяўлялі пра магчымасьць прызнаньня краінай гэтых самаабвешчаных рэспублік.
эб\charter97.org