Logo Polskiego Radia
Print

Спэцпасланьнікі ЭЗ ізноў ва Ўкраіне

PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna 30.07.2013 17:59
Заўтра Пэт Кокс і Аляксандр Квасьнеўскі сустрэнуцца зь Юліяй Цімашэнкай.
Foto: materiały prasowe

Аляксандр Квасьнеўскі й Пэт Кокс сустрэліся ў Крыме з прэзыдэнтам Віктарам Януковічам. Прадстаўнікі Эўрапейскага парлямэнта займаюцца ва Ўкраіне справай Юліі Цімашэнкі.

Традыцыйна бакі не паведамляюць, што абмяркоўвалася падчас сустрэчы, але ўкраінскія СМІ ўжо даўно паведамляюць, што заходнія палітыкі спрабуюць пераканаць украінскія ўлады пагадзіцца на лячэньне былой прэм’ер-міністар за мяжой.

Справа ў тым, каб да саміту Ўсходняга партнэрства ў Вільні, падчас якога Ўкраіна можа падпісаць пагадненьне аб асацыяцыі з ЭЗ, Цімашэнка не была ўжо палітычным зьняволеным.

На думку палітоляга Канстанціна Бандарэнкі, заходнія палітыкі ўжо не прадстаўляюць такой непахіснай пазыцыі па справе Юліі Цімашэнкі, як на пачатку. Раней яны дамагаліся ейнага вызваленьня.

Канстанцін Бандарэнка: Усе зразумелі, што адносінаў з Украінай ня можна зводзіць да пытаньня вызваленьня Цімашэнкі. Эўрапейскі Зьвяз зрабіў памылку аказваючы ціск на Віктара Януковіча, таму што ў такіх выпадках ён звычайна робіць наадварот. Тым часам зь ім сапраўды можна дамовіцца.

Юлія Цімашэнка была арыштаваная ў жніўні 2011 года. У сьнежні яна была прысуджана да сямі гадоў пазбаўленьня волі й адпраўлена ў турму ў Харкаве. У сувязі з праблемамі з пазваночнікам у траўні 2012 года яна была дастаўлена ў мясцовае аддзяленьне бальніцы, дзе знаходзіцца па сёньняшні дзень.

Заўтра з былой кіраўнічкай ўкраінскага ўрада павінны сустрэцца Пэт Кокс і Аляксандр Квасьнеўскі.

аз

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт