Заснавальнік „Wikileaks” зоймецца палітыкай
                
                    
                        PR dla Zagranicy
                    
                    
                        Anna Zadrożna
                        
                        25.07.2013 17:58
                    
                                 
                
                
                    Кандыдаты ад ягонай партыі будуць змагацца за месцы ў аўстралійскім сэнаце.
                
                
                    
                         
                     
                
                
                
               
                
                         
  Аўстраліец Джуліян Асанж, заснавальнік выкрывальніцкага парталу  „Wikileaks”, зоймецца палітыкай. Сем кандыдатаў ад ягонай партыі „WikiLeaks Party” будзе змагацца за месца ў аўстралійскім сэнаце.
Джуліян Асанж, які надалей хаваецца ў пасольстве Эквадора ў Лёндане, зазначае, што новая партыя будзе змагацца за празрыстасьць урада й кансультацыі з грамадзкасьцю новых законаў.
Паводле словаў Асанжа, уваход чальцоў партыі у Сэнат будзе абазначаць увядзеньне ў палату незалежных сьледчых журналістаў.
Першым дзеяньнем новых магчымых сэнатараў будзе публікацыя дамовы, якая зьвязвае Аўстралію й Папуа-Новую Гвінэю й якая датычыць вяртаньня нелегальных імігрантаў з Азіі. Нагадаем, уся аўстралійская сыстэма барацьбы зь нелегальнай іміграцыяй падвяргаецца крытыцы з боку арганізацыяў па правах чалавека за сваю празьмерную жорсткасьць.
Джуліян Асанж ужо амаль год знаходзіцца у пасольстве Эквадора ў Лёндане, які даў яму палітычны прытулак. Асанж баіцца дэпартацыі ў Швэцыю, дзе знаходзіцца ў вышуку. Ён пераконвае, што са Швэцыі яго могуць дэпартаваць у ЗША, якія ў сваю чаргу абвінавачваюць яго ў разгалошваньні сакрэтнай дзяржаўнай інфармацыі на вэб-сайце „WikiLeaks”.
аз