КДБ: Смс аб дэвальвацыі рассылалі хакеры
PR dla Zagranicy
Alena Vialichka
05.01.2013 15:00
Папярэдне ўстаноўлена, што рассылкі ажыцьцяўляліся праз сэрвэр, які знаходзіцца на тэрыторыі Індыі.
Камітэт дзяржаўнай бясьпекі Беларусі зафіксаваў хакерскую атаку на інфармацыйныя рэсурсы нацыянальных мабільных апэратараў МТС і Velcom у выглядзе ананімных SMS-паведамленьняў на тэлефоны абанэнтаў, паведамілі БЕЛТА ў Цэнтры інфармацыі й грамадзкіх сувязей КДБ.
"У прыватнасьці, каля тысячы абанэнтаў мабільнай сувязі ў Беларусі атрымалі паведамленьні аб тым, што, нібыта, з 8 студзеня 2013 курс даляра ЗША будзе складаць Br14 340, курс эўра - Br18 116. У якасьці першакрыніцы інфармацыі шляхам падмены адрасу рэальнага адпраўніка паказаны тэлефон, які належыць Нацыянальнаму Банку Рэспублікі Беларусь", - растлумачылі ў КДБ.
Папярэдне ўстаноўлена, што рассылкі ажыцьцяўляліся праз сэрвэр, які знаходзіцца на тэрыторыі Індыі.
Менавіта сёньня незаплянавана Нацбанк апублікаваў курсы на 8 студзеня. Курсы ўстаноўлены на ўзроўні ўчарашніх таргоў, дзе даляр каштаваў 8630 беларускіх рублёў, эўра - 11 230, расейскі рубаль - Br284.
Акрамя таго Нацбанку прыйшлося ў чарговы раз запэўніць, што ў 2013 не адбудзецца дэвальвацыі рубля, а курс будзе фармавацца па выніках продажу й пакупкі валюты.
БелТА/ав