Кыргызстан чакае тлумачэньняў
PR dla Zagranicy
Alena Vialichka
27.08.2012 13:00
Працягласьць кансультацый кіргізскага пасла ў Беларусі будзе залежаць ад пазыцыі беларускага боку.
Пра гэта заявіў журналістам 27 жніўня ў Менску саветнік пасольства Кыргызстана Дзьмітры Лі.
Журналістаў сабралі для таго, каб растлумачыць сытуацыю вакол адсутнасьці ў Беларусі пасла Кыргызстана Эрыка Асаналіева й супярэчлівыя паведамленьні адносна яго адкліканьня на кансультацыі ў Бішкек, што зьявіліся ў СМІ.
"Каб пазьбегнуць розных інтэрпрэтацый у гэтым пытаньні я ўпаўнаважаны заявіць, што Асаналіеў адкліканы ў Бішкек для правядзеньня кансультацый у сувязі з сытуацыяй адносна знаходжаньня Жаныбека Бакіева на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь", — сказаў саветнік.
Ён удакладніў, што пасол быў адкліканы 24 жніўня.
Паводле слоў Дзьмітрыя Лі, такая мера прынята "ў сувязі з адсутнасьцю рэакцыі кампэтэнтных органаў беларускага боку на вербальную ноту ад 21 жніўня й заяву МЗС Кыргызстана ад 22 жніўня адносна знаходжаньня грамадзяніна Кыргызстана Жаныбека Бакіева на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, якога адшукваюць праваахоўныя органы Кыргызстана й Інтэрпол за ўчыненыя раней асабліва цяжкія крымінальныя злачынствы".
Кіргізскі бок спадзяецца на тое, што беларускія ўлады "ўсё-такі прымуць вычарпальныя меры па неадкладным затрыманьні й экстрадыцыі Жаныбека Бакіева ў Кыргызскую Рэспубліку ў межах дзейных міжнародных дагавораў, удзельнікамі якіх зьяўляюцца як Кыргызстан, гэтак і Беларусь", падкрэсьліў саветнік пасольства.
Нагадаем, аб'яўлены ў міжнародны вышук Жаныш Бакіеў, брат зьвергнутага прэзыдэнта Курманбека Бакіева, нядаўна быў заўважаны й сфатаграфаваны ў цэнтры Менска зь яшчэ двума падазронымі ў трайным забойстве.
БелаПАН, ав