Апошнія ўрачыстыя мерапрыемствы праходзяць у Францыі ды ЗША.
У амэрыканскай сталіцы польскія дыпляматы ладзяць урачысты прыём з нагоды 100-годзьдзя адраджэньня незалежнасьці Польшчы. Мерапрыемства арганізуецца сумесна з Ізраілем, які сёлета адзначае 70-годзьдзе сваёй дзяржаўнасьці. Амбасады дзьвюх краін дамовіліся зладзіць супольна ўрачыстасьць. Больш падрабязна з Вашынгтону перадае карэспандэнт Польскага радыё Марэк Валкускі.
Марэк Валкускі: Урачыстасьць адбудзецца ў рэзыдэнцыі амбасадара Польшчы ў Вашынгтоне. Далучайцеся да нас, каб адзначыць шматлікія культурныя, гістарычныя ды гастранамічныя сувязі паміж Польшчай ды Ізраілем, так гаворыцца ў сумесным запрашэньні двух амбасадараў Пётра Вільчка ды Рона Дэрмэра, скіраванае да польскіх, габрэйскіх ды амэрыканскіх гасьцей. У мастацкай частцы праграму заплянаваны выступ Аляксандры Бэліньскай, якая сьпявае традыцыйныя песьні ідыш у сучаснай аранжыроўцы. Сёлета падчас 33 фэстывалю габрэйскай культуры ў Кракаве сьпявачка атрымала ўзнагароду імя Ірэны Сэндлер. Адным з арганізатарам канцэрту выступіў фонд «Taube Philanthropies», мэта якой захоўваць габрэйскую культурную спадчыну. Фонд дзейнічае ў ЗША, Польшчы ды Ізраілі.
У сваю чаргу ў Францыі адбылася ўрачыстая імша ў парыскай катэдры Notre-Dame, прысьвечаная адкрыцьцю польская капліцы ў саборы. Капліцы адчынілася з нагоды 100-годзьдзя адраджэньня польскай незалежнасьці. Удзел у імшы ўзялі маршалак польскага Сэнату Станіслаў Карчэўскі ды амбасадар Польшчы ў Францыі Томаш Млынарскі. З казаньнем падчас імшы выступіў старшыня Канфэрэнцыі польскіх эпіскапаў, архіепіскап Станіслаў Гондэцкі.
Станіслаў Гондэцкі: У гэтым саборы няма больш ніводнай нацыянальнай капліцы, апроч польскай. Яна будзе служыць французам, палякам ды людзям іншых нацыянальнасьцяў, якія ў колькасьці 15 мільёнаў праходзяць праз гэты касьцёл.
Пасьля імшы адбылася сустрэча польскіх палітыкаў з дыяспарай у Парыжы. Маршалэк Станіслаў Карчэўскі выступіў з прапановай, каб дыяспара выбірала 2 сэнатараў у польскі Сэнат.
Станіслаў Карчэўскі: Сустрэчы з дыяспарай вельмі важныя, мы будзем працягваць іх рабіць. Заўсёды падчас кожнай паездкі я хачу сустракацца з польскай дыяспарай, сустракаюся з палякамі, якія жывуць за мяжой. Рады, што яны таксама хочуць сустракацца з намі. Польская дыяспара цікавіцца справамі Польшчы, хоча мець на іх уплыў, мы іх падтрымліваем. Я запрапанаваў, каб павялічылася колькасьць сэнатараў да 102. Дваіх сэнатараў будуць выбіраць менавіта палякі, што жывуць за мяжой.
Таксама з нагоды важнай дзяржаўнай гадавіны ў Парыжы адбыўся канцэрт Незалежнасьці ў Катэдры сьвятога Людовіка ў Палацы інвалідаў. На канцэрце выступіў вядомы францускі сымфанічны аркестар Pasdeloup, музыкі з Польшчы, Францыі ды Бэльгіі, у тым ліку славуты піяніст Януш Алейнічак. Гаворыць дырыжор канцэрту Моніка Валіньска.
Моніка Валіньска: Прагучыць «Імша» Караля Курпіньскага ў выкананьні аргану, хору ды аркестра. Прагучыць мой улюбёны Шапэн «Фантазіі на польскую тэму» ў выкананьні аркестра пад кіраўніцтвам маэстра Алейнічака, будуць яшчэ дзьве мініятуры – вельмі сымбалічныя ды важныя – нактурн Падарэўскага ды палянэз. Як вядома, палянэза ня можа ня быць.
Канцэрт Незалежнасьці ў Парыжы прайшоў пад патранатам прэзыдэнта Польшчы Анджэя Дуды пры мэдыйнай падтрымцы Польскага радыё ды тэлевізіі.
Юры Ліхтаровіч